Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

ІІІ.

Тым часам Арцём і Міхалка пусьціліся да пуні. Ігналя, ўрыўшыся ў сене, гэта добра чуў. Ён у гэты момант прасіў у думках сваіх бога, каб учыніў над ім цуд: каб ён, Ігналя, зрабіўся маленечкі, як муха, як рабачок, як пыліначка, каб мог улезьці ў шчэлінку сьцяны й схавацца так, каб яго й сам чорт знайсьці ня мог.

З крыкам „хто тут?“ Арцём і Міхалка скрыпнулі варотамі і ўвайшлі ў пуню. Яны запалілі запалку й пачалі азірацца.

— Ці ня ўцёк, гад, бо яго ня відаць, — каваў Арцём, запаліўшы другую запалку. Яны палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць, пакуль не знайшлі ля сена мех, напалову напханы сенам і каля сьцяны — шапку.

— Гэта-ж Ігналева шапка! — крыкнулі яны ў адзін голас: — Ігналева шапка!

Ігналева шапка была вядома па ўсёй ваколіцы. Яна калісьці, як яе насіў яшчэ Ігналеў бацька, Макар, была баранкавая, але ад даўгіх гадоў яна аблезла, зашмальцавалася, як-бы дзёгцем абмазаная, і да гэтага яшчэ ўся парвалася й вата вылазіла наверх шматамі. Па ўсёй ваколіцы, калі хацелі каго колечы вылаяць, дык гаварылі: „Аблуплены, як Ігналева шапка“. „Страціў фасон, як Ігналева шапка“. „Вымазаўся, як Ігналева шапка“. Або: „Француза ў нашай вёсцы помняць толькі двое: сталетні дзед Тодар і Ігналева шапка“. Словам, шапка гэтая карысталася вялікай славай.

— Ну, шапка, дзе твая галава? — крыкнуў Арцём.

— Ігналя, дзе ты? — крычаў Міхалка. — А д’ябал яго ведае, дзе ён тут схаваўся!

— Вось ён які спрытны! — казаў Арцём.

Міхалка вылаяўся брыдкім словам і гнеўна крыкнуў: „Вылазь, злодзей, а то жывога ня выпусьцім! Не хватала яшчэ, каб зладзеі завяліся ў нашай вёсцы“.

У сене заварушылася. „Ліха на мяне! Ліха на мяне!“ — бурчэла, нешта з-пад сена, нібы само сена гэта гаварыла або нейкі злы гуменьнік, які сядзіць у сене. Вось паказаліся Ігналевыя атопкі — ногі. Ігналя, стогнучы й мармочучы, вылез. Нібы сена выплюнула няпрыстойнага свайго ворага, радзіла чалавека.

— А, суседзі, а, родненькія, пашкадуйце! — залемантаваў Ігналя. — Даль бог, у першы раз, — замарматаў ён, стоячы перад імі.

— Ды ты, чалавек божы, шапкі забыўся. На, маеш сваё дабро! — сказаў Арцём і так моцна насунуў шапку на галаву беднага Ігналі, што той аж падсеў на зямлю, сагнуўшыся.

— Ну, ідзём у хату — жыва, — крыкнуў Міхалка, і яны вывелі Ігналю з пуні.

— Пашкадуйце! — плачучы, застагнаў Ігналя. Але яны на гэты лямант увагі не зьвярнулі.