равенны мужчына й ня хочаш справядліва хлеб сабе зарабляць! Эх, Ліканор, дзіва мне, чаму твая баба табе дагэтуль рэбры твае не пераламала за гэта самае; гэткі здаравяка, якое сумленьне ў цябе?
Ліканор нічога не адказаў і толькі давай азірацца сваімі асалавелымі вачыма на вялізарныя свае лапы, на ўсю дубовую сваю фігуру й, здаецца, сам дзівіўся, чаму ён не зарабляе сабе справядліва грошы.
А Кастусь давай з яшчэ большай ахвотай сыпаць словы, як поп на амбоне:
— А ты-бы пашоў на падзённую ў двор, да купцоў у лес або так на заработкі якія — і сям’я твая не галадала-б, і сам сыт быў-бы. Нябось, красьці то трапляеш, на гэта табе даў бог розум!
— Каб-жа-ж — марматнуў пад нос Ліканор і зноў замоўк, павесіўшы рукі свае, быццам страшыдла на панскім гародзе, што курэй пужае з аўсу.
— Што «каб-жа-ж?» — ухапіўся Кастусь за гэтыя словы, як за нешта цікавае, — што «каб-жа-ж», га? Во, загаварыў ткі, загаварыў, дундыль маляваны!
Ліканор усьміхаўся ды гэтак расчыніў тоўстую сваю губу, што здавалася хацеў ён праглынуць усю абшырную ваколіцу.
— Гавары, гавары, што каб-жа-ж? — ізноў пытаўся горача Кастусь.
— Гм-м-м, каб-жа-ж я меў розуму, як красьці, дык ты-бы не злавіў мяне, казаў той! — адказаў Ліканор, ажывіўшыся на момант і йзноў дубовым зрабіўся.
— І-і-ш, каб цябе трасца! — загрымеў ва ўсё горла Кастусь, — красьці то ты ахвотнік, на гэта ня ленішся, дык вось я цябе навучу, як трэба быць злодзеем!
І плюнуўшы тры разы ў свой касьлявы кулак ды ў прыдатак, дзеля ёмкасьці, крыкнуўшы «г-э-э-э!», ёй замахнуўся над тварам Ліканора.
Ліканор выкруціўся з-пад яго кулака і, як малое дзіця, праенчыў «а бра-а-тачка!» — ды гэтак жаласна, што Кастусь астанавіўся.
— Ну, дык ня будзеш болей красьці?
Ліканор маўчаў і выглядаў, быццам вялізарная гнілая бручка.
— Ліканор! — паўтарыў Кастусь.
— Г-э-э-э! — адказаў Ліканор.
— Ня будзеш красьці, абяцаеш мне?
— Не! — ціха адказаў Ліканор, і давай зяваць: відаць, надаела яму гэта прыкрая гутарка.
— Што… Не!? — зноў падхапіў Кастусь.
— Не… не абяцаю, казаў той! — буркнуў пад нос Ліканор.
Тут ужо Кастусь ня вытрываў ды зарагатаў ад гэткай шчы-