Старонка:На ростані (1924).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

ВІХОР.

Гасьцём і мараю трывожнаю
Зьляцеў да нас з-пад сьветлых зор,
Краінай любаю разложнаю
Імкне, гудзе, шуміць віхор.

І не, ня злы, але, бушуючы,
Ў шалёным імпаце ўвесь ён,
Ваду вазёр і рэк хвалюючы,
Пусьціў па пушчах песьню—звон.

Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,
Што раз віхор гучней, прудчэй.
Услухайся, паймі адвечнае —
І гімны вырвуцца з грудзей!

Пара, пара дазнацца, зьверыцца,
Сваіх магутных сонных сіл!
Адважны хто спыніць намерыцца
Размах жыцьця і творчы пыл?…

Дзе йдзем? і дзе капцы канцовыя?
Дзе ходу нашаму мяжа?…
— Ў адказ віхор пяе ўсё новае,
І лязіво блішчыць нажа!


ДЗЕД.

Патухшымі вачыма
Глядзіць на божы сьвет
Стары, у крук сагнуты,
Як голуб, белы дзед.