Старонка:На ростані (1924).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

Лесу пабачыўшы цёмнага
Хмура-задумны аблік,
Быццам спужаўся таёмнага,
Сьцішыўся, зьменшыўся, зьнік…

|}


СЁМУХА.

Начыста зьмецены і вуліца, й двары,
Ля ганкаў і варот паўбітыя бярозкі: —
Сягоньня Сёмуха, сягоньня сьвята вёскі,
І весялейшае ня знойдзецца пары!

Пагожы, ясны дзень. У полі і ў бары
Паветра хмельны пах, сьмяюцца сонца коскі;
А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар боскі,
І шчасьцем сьвецяцца мужычыя твары.

І веру радасна я болей, чым калі,
Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі:
Абуджаны народ быліц дазнае сказ, —

Узрушыць, як адзін, пры сьвеце бліскавіцы.
Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час!
Дай думам сёмушным і казкам дай зьдзяйсьніцца!


СЬМЯРОТНЫ ПАХ.

Ёсьць боль затаенай тугі
У кволым паху зьвялых кветак,
Нібы ў кананьня час благі
Ім родны марыцца палетак,

Нібы йшчэ вераць — вось дыхне
Паветра хваляю гаючай
І з хаты верне іх вясьне.
І знаюць — згуба нямінуча.