Старонка:На ростані (1924).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

IV. ДУМЫ Й НАСТРОІ.

ДЗІЦЯ.

Са сьмехам па пожні так жвава
Бяжыць, матылька даганяе
І топча і кветкі, і травы
Дзяўчынка, нябога малая.

Дзіця, запыніся часіну!
Ў жыцьці без патолі і ласкі,
Як злыдні й нягоды ахінуць,
Ці ўспомніш стаптаныя краскі?

Пад сонцам вясьняным і шчасным,
Ў вясеньнюю, сьветлую пору,
Стаптаныя, ссохнуць бясчасна
Яны бяз тугі і дакору…
..............
Дзіця запыніся… і далей
Бяжы па зялёнаму долу: —
Такія блакітныя далі,
Так проста і ясна наўкола.


∗          ∗

Бясспынна, глуха процьма часу
Глытае хараство і моц.
Заход бяздушным, сьветлым пасам
Адзначыў сьвежае дзярно.