Старонка:На чыгунцы (1928).pdf/9

Гэта старонка не была вычытаная

У цяплушцы, дзе ехаў Яўмен, было поўна чырвонаармейцаў. Паміж іх укомчылася колькі жанчын у падраных старых лахманох, жанчын, якія ад бруду і цяжкой зморы сталі зусім падобныя адна да аднэй — усе старыя і цьмяныя, як мочаны лён.

Жанчыны ўсе лапаталі. Адна, што бліжэй да Яўмена, нешта пляла пра сваю гаспадарку, пра беднасьць, пра нейкае гора. Гаворачы, яна раз за разам сморгала вуснамі, падбіраючы іх, нібы папраўляла хустку на барадзе. І гэты спакойны рух, разам з глыбока-эпічным, як бульканьне вады, голасам, настойна будзіў пачуцьцё гаспадарскай сямейнасьці, раджаў мімавольную павагу да наіўнае прастаты гэтае цьмянае бабы, што прышла ад чорнае зьлітае потам зямлі, поўнай нямога аўтарытэту, поўнай цяжкой тлустай сілы.

Яўмен перакінуў сваю драўляную нагу цераз лаўку і сеў сьпіной да дзьвярэй, каб ямчэй было слухаць старую. Пасьля сьветлых прастораў тупа ўшчаміла зрок брудная шэрасьць вагона. Здалося, ня ехаў ён тут, не сядзеў, а ўкінуўся раптам сюды аднекуль знадворку, з бязьмежна шырокага, укінуўся і асеў, стуліўся нутром, сьцягнуў у клубок думкі-мары, што ўжо разьляцеліся былі ў белы сьвет, у яскравыя далі.

Ад кіслага паху ў вагоне, ад чалавецкае блізкасці стала на сэрцы цёпла і цесна, быццам быў не ў вагоне, а недзе дома на печы, або ў цёмнай ёўні, у душнай пары нагрэтага жыта.