Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

застаўся; думалі, што я ўвесь час быў з усімі разам. Калі я сказаў, агледзіліся, што няма яшчэ двух тэлефоністаў. Неўзабаве батарэя зьнялася з гэтае позыцыі, выехала на дарогу і пацягнулася назад, на граніцу. Паказалася ля нас разьбітая, маленькая рота; я думаў: адзін узвод. Людзі засмучоныя, змораныя, запэцканыя. Доўга-доўга едзем назад, але ўсё яшчэ па нямецкай зямлі, — мусіць, у бок куды-небудзь. Не, во той гранічны роў. Знаёмы пераезд. Ізноў у Расеі. Лягчэй зрабілася на сэрцы. Але што гэта: незадача? адступаем?

„Тады лічыць мы сталі раны“… У нашай батарэі ўсе цэлы, толькі адзін конь падбіт, — яго павялі ў роў прыстраліць. Шкада яго, як чалавека. У другіх батарэях ёсьць забітыя і раненыя.

Быў позны вечар, калі мы вярнуліся на ранейшую стаянку. Гаспадар вярнуўся таксама. — „Хай заб‘юць усіх, нікуды ня выеду“, — бурчыць гэты ўпорчывы жмогус.

Афіцэры ўжо вячэраюць. — „Дай коньяку!“ - чуем мы скрозь вакно іхную гутарку. — „Калі ласка“, — адказвае капітан Сьмірноў; потым нездаволена некаму даводзіць: „Няможна-ж без патрэбы пасылаць людзей на сьмерць“. Голасу камандзіра ня чутно; ён, пэўна, маўчыць і думае сам сабе.

Вячэра наша… Порцый не хапіла. Запасьнікі бурчаць, абураны. Галодны Яхімчык злосна калоціць па рэбрах свайго тэлефоннага каня і ўспамінае на прыстрэленага: „Такой гарный буў коньяка, а ты… шоб ты околіў!“