Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/42

Гэта старонка не была вычытаная

Ізноў начлег на ячменных асьцюльках. Сьцюдзёна было страшэнна. Устаўшы яшчэ ўдосьвета, я калаціўся, як у трасцы, зубы: тр-тр-тр…

Балазе ізноў вось сонейна, цяплыня, сьветла, прыгожа. Напіўся гарбаты і пішу. Учорашні дзень, наш першы бой — як ува сьне, як у тумане. Думкі ляцяць дамоў, да родных. А перад боем я сьніў сон… Нейкія столікі, палаткі, людзі, падводы, коні. Мама крышыць мяса — дробнае, чырвонае, сырое — і з гурком. І я хачу адыйсьці ўбок і купіць ёй гуркоў. Ня купіў… Ня купіў дзеля свае прост недараванае неадважнасьці. Мама кажа некаму: „Хваліць бога, прыждала ўжо і я помачы ад дзетак“. А мне сорамна-сорамна і жаль-жаль. Паводле нашых народных забабонаў, сьніць сырое мяса і гуркі — дужа дрэнны знак. І я думаю: як незразумела сплятаецца ў чалавеку гэтая спадчына вякоў, перажываньні многіх пакаленьняў.


5 жніўня па абедзе.

Абедалі хапаўшыся і зараз выступілі, каля першае гадзіны, у паход. З намі і першая батарэя ідзе разам. Сонца паліць — дождж будзе. Ідзём у Нямеччыну ізноў па тэй-жа самай дарозе.

„Старыя“ для нас месцы. Вёска завецца Плятэн. Бегаюць кіненыя гаспадарамі коні. Мы злавілі сьветла-гнядую кабылу на месца нашага забітага батарэйца. Яна ня ўмее ісьці вагам у гарматнай запрэжцы, дык яе паставілі везьці кухню, а кухоннага рабога коніка запраглі ў гарматную пару вынасам.