Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

бялюсенькай лёгкай воўны, трусікі; колькі іх тут — а-ей! Пакажа чырвонае вока — і ўцячэ, схаваецца. На градах шмат буйных гуркоў. Ня ўцерпілі — і нашчыпалі.

Направа за пасёлкам, убок ад нашае дарогі, дагарвае пуня. У ёй пагарэлі цяжка раненыя, бо там быў лекарскі прыпынак немцаў. Пагарэлі толькі нашы палонныя, бо сваіх немцы пасьпелі вывезьці. Аб гэтым кажуць паўзучыя ракам па канаве два нашы раненыя. І яны былі ў палоне і ляжалі ў тэй пуні. Яны рады, што ня зьмёрзьлі і не памёрлі, кінутыя адны, за мінушчую ноч. Цяпер, калі іх падабралі на насілкі, адзін зараз самлеў, а другі, белы, як з таго сьвету, усё намагаецца пераказаць сваім аб мінушчай страшнай начы. Хваліць немцаў, што, пакуль ня кінулі, — дужа добра даглядалі. — „А мы думалі: прыкончаць нас“, — слаба ўсьмяхаецца ён. Але зараз іх паклалі ў фургон з чырвоным крыжам на белым палатне і павезьлі. — „У Расеюшку на пабыўку!“ — жартуюць нашы батарэйцы.

Тымчасам сьпераду пад‘яжджае разьведка, і батарэя цягнецца далей.

Толькі ўзабраліся на курганок… Груды сьветла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі, а ля кожнага забітага — цэлыя горкі гільзаў ад выстраленых патронаў. Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых, скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгару, сьціснутымі кулакамі. Вось адзін скручаны, як корч, з пышнымі вусамі, абтыканы