Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

вецьцем, відаць, раненага загарадзілі таварышы ад сонца, і ён памёр у страшных муках. Ці можа закрыў сябе страляючы. Дыханьне сьцінае мне ў горле, не магу глядзець… Можа, работа нашае батарэі!

Я знашоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо. Тут-жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага… Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся — і палажыў на грудзі трупу. І тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы.

Другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасьцю і быццам небясьпекаю, алавяную лыжку, мыла, рушнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць на бок, як непатрэбшчыну для салдата.

Нехта знайшоў у нямецкім ранцы салодкія жоўтыя сухарыкі. Нехта даў адзін сухарык мне. Я пакаштаваў — і мне прыкра й мляўка, як-бы нешта лішняе ў роце, расьпірае мяне…

VII

6 жніўня.

Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас воража і баязьліва. Едуць