Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

найболей старыя, жанчыны й дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе — карова з аграмадным вымем. Кожны воз — паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы сьпераду з піпкаю ў зубох; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты — пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.

Праяжджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасьць глядзець! І жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнаньні, дзікая-дзікая!

На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзяцюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім — паламаны веласіпэд. Кажуць, гэта — перапрануты нямецкі разьведчык, забіты казацкаю пагоняю. І ўсе мы ехалі міма — так, паглядзеў і адхінуўся…

З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая сьвечка. Нашто яна яму? З-за ганку высунуўся стары немец, зьнімае перад салдатам віславухі капялюх і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна сьмяецца. Агідна глядзець.

Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка сьмяецца й плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.

Мы ідзём пад Кёнігсбэрг. Гдзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б‘ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і сьветлае зарыва.