Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

сьвіньню закандрычым!“ — вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефоністы цягнуць добрага падсьвінка, — не дарма-ж мы ў авангардзе і тэлефоністы.

Але што гэта? Не пасьпеў Яхімчык дагрызьці яблык, а нашы кухары-саматужнікі абсмаліць таго падсьвінка, як усіх нас, вялікаю трывогаю гоняць капаць акопы. Годзе пісаць!

7 жніўня, раніца.

Устаў у 5½. Батарэя ўся на нагах і гатова к бою. Мы стаім у вёсцы Варшлеген. Трэба запісаць, бо давядзецца, відаць, ня раз яе ўспомніць, калі буду жыў.

7 гадзін. Пачаўся страшны бой. Ці выйдзем жывы?

VIII

8 жніўня, пятніца.

Вядуць і нясуць раненых немцаў і нашых. Зьбялелы, акрываўлены немец ківае галаваю. Нешта перабіта ў яго шыі. Аднаго вядзець наш салдат, абняўшы як дзяўчыну. Другога нясуць пяць нашых на руках. Яшчэ адзін ідзець, шарпаючы па пылу, утупіўшы вочы. Перад афіцэрам — ува фронт. Палкоўнік яму панямецку: „Гут морген!“ Палонны нешта кажа, але язык ня служыць. — „Ідзі, ідзі, галубе!“ — махае палкоўнік рукою. Пашоў, скародзячы нагамі.

Што было ўчора? Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма.

Я быў з камандзірам на наглядным пункце. Мяне старшы паслаў на вышкі глядзець у слухавое ваконца. Унізе, за дрэвам, стаяў камандзір з вугла-