Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

шавеляцца. А пехацінцам-жа ў сто раз горш… Успамінаю родных. Мысьлі блутаюцца. Во яно вакенца-сьмерць… Разьбіваю ўсё шкло са злосьцю. Сьвежая відаль. — „Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, знарады кладуцца па ёй!“ — ашалелым, праразьлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад? — „Зьлязай, зьлязай!“ — гукае мяне старшы, — „гарыць дом!“ Так, дамок захапіўся ад знарада. Дым сьмярдзючы пхнецца ў рот. Зьлязаю… Камандзіра і тэлефоністаў няма. Дзіўлюся. Раптам бягу. Наганяю іх. Пад кулямі шыбка ідуць з трубою і ўгламерам наўскоса вуліцы к другому дому. — „Падбяры футляры“, — спакойна кажа камандзір: — „яны засталіся каля акопу“. Бягу назад, хапаю футляры, бягу ізноў даганяць іх. А дзе-ж камандзір? Забягаю за дом, куды яны пашлі, за добрыя мураваныя сьцены. Іх няма, а стаяць два казакі з адным канём і кураць. Другі конь, мабыць, здохлы ці забіты, ляжыць гарою пасярод вуліцы. — „Пабеглі на батарэю“, — кажуць казакі. І мне трэба ісьці туды, але я баяўся сьмерці; ах, як хочацца быць за гэтаю сьценкаю… Бягу на батарэю, а яна была ў лагчынцы, за хутарам, сажняў дзьвесьце адгэтуль. Бягу, а кулі над галавою так і гудуць, як пчолы. Сеў я ў канаўку адпачыць трохі. Гляджу: аж у канаўцы, цераз усю лагчыну, шмат сядзіць пехацінцаў. Страляюць патроху, а часам лапатачкамі поркаюцца, з дзірвана перад сабою заслону насыпаюць. Тады я папоўз па канаўцы, мінаючы іх. Калі поўз, дык прыгледзіўся, што некалькі пехацінцаў дужа нярухома прытуліліся к насыпанай зямлі перадам… Забітыя!