Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/66

Гэта старонка не была вычытаная

Мала таго: яму яшчэ прыкра, што яго не пахвалілі. Ехаў — і бурчэў на нашага камандзіра.

14 жніўня.

Прывал у вялізным двары нейкага барона. На галоўных дзьвярох старыннага дому палацу прылеплен белы аркуш паперы. „Пакідаючы маю маемасьць, прашу ўсім карыстацца, але прашу не паліць. Старая вежа была пабудавана рыцарамі супроць паганых“. Я хацеў агледзіць дом, але пры ім стаяла ўжо наша пяхотная варта, і мяне ў пасяродак ня пусьцілі.

Водаль, каля флігелю, поўзалі галодныя шчаняты і стагналі. Яны толькі-толькі пачалі глядзець. Сучка ўкусіла аднаго казака, і ён прапароў яе пікаю. Калі я за колькі мінут прышоў сюды яшчэ, нехта прыдушыў шчанят. Добра зрабіў.

Наш Яхімчык потым у дарозе доўга апавядаў мне, якая добрая сучка была ў таго штэйгера, пад началам якога быў ён у шахтах: і на задніх лапках станавілася, і сьмяялася, і забітага ў пяску зьнюхала і адкапала. А забілі таго чалавека таварышы за гуляшчую дзеўку; іх засудзілі на катаргу. Пра задушаных шчанятак ён сказаў з сваім украінскім спакоем так: „Мудрый цій чоловік, шчо вбыў: навішчо ж маленькім бэз маткі страждаць“.

Сяньня нам чыталі ў прыказе аб вялікіх перамогах хаўрусьнікаў над немцамі ў Бэльгіі. Значыцца, той стары мне наманіў.

Цяпер нам на прывалах у кожнай вёсцы выносяць ваду — старыя немкі, немцы й дзеці. Часам даюць