Старонка:Новае аб Багушэвічу (Бэндэ).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная

Новае аб Ф. Багушэвічу

Аб жыцці і творчасці Ф. Багушэвіча пісалася адносна больш, чым аб жыцці і творчасці іншых пісьменнікаў ХІХ ст. Творчасць Ф. Багушэвіча, ва ўсякім разе зборнікі «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», больш-менш грунтоўна вывучаны. Аб творчасці Багушэвіча напісана больш за дзесяць артыкулаў. І усё-ж трэба сказаць, што яшчэ далёка не ўсё зроблена, што трэба і можна зрабіць у справе вывучэння жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры. Яшчэ няма больш-менш падрабязнай біяграфіі паэта, не даследавана дзейнасць Багушэвіча на працягу 32 год, з моманту сканчэння Віленскага Юрыдычнага ліцэя і да самай смерці паэта, зусім не даследаваны часы навучання ў ліцэі, а аб часах знаходжання Багушэвіча ў Пецярбургу нагаворана ужо не мала легендарнага, розных неабгрунтаваных здагадак, якія часам падаюцца як зусім праўдзівыя факты. А цэнзурная гісторыя твораў Багушэвіча бадай што зусім не асветлена ў нашым друку.

10 мая 1941 года ў газеце «Літаратура i Мастацтва» (№ 19) М. Смолкін надрукаваў артыкул «Франц Багушэвіч», у якім, між іншым, пісаў і аб часах вучобы Багушэвіча ў Пецярбургскім універсітэце. Без усялякіх доказаў Смолкін пісаў: «Да польскага паўстання 1863 года Ф. Багушэвіч займаўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага універсітэта. Незадоўга да паўстання выключаны з універсітэта, Ф. Багушэвіч прыехаў на радзіму ў Беларусь, каб прыняць удзел у ім». І гэта пісалася праз год пасля таго, як тая-ж газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала артыкул І. Кузьміна «У Пецярбургскім універсітэце, Новыя матэрыялы біяграфіі Багушэвіча» (гл. «Лім», № 9, 22/III 40 г.). У артыкуле І. Кузьміна на аснове архіўных матэрыялаў даведзена, што Багушэвіч фактычна зусім не вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, хоць паступаў туды. Але Смолкіну мала клопату аб гэтым. Ён, пішучы аб Багушэвічу, не лічыў патрэбным пазнаёміцца з тым, што пісалі на гэтую тэму другія. Насуперак фактам М. Смолкін механічна паўтарыў старую легенду аб вучобе Багушэвіча ў Пецярбургскім універсітэце.

І. Кузьмін, апублікаваўшы даведку аб студэнцкай справе Багушэвіча, зрабіў вельмі карысную справу. Але і ён не абышоўся без некаторых здагадак, якія на справе супярэчаць фактам. Знайшоўшы студэнцкую справу Ф. Багушэвіча, Кузьмін меў магчымасць надрукаваць яе больш поўна, але гэтага не зрабіў і абмежаваўся толькі павярхоўным апісаннем складу справы і частковай публікацыяй трох дакументаў: прашэння Ф. Багушэвіча аб прыняцці яго ў лік студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта, прашэння аб вызваленні ад платы за слуханне лекцый і прашэння аб звальненні з універсітэта. Рэшту матэрыялаў, а таксама і рэзалюцыі на пра-