Старонка:Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне.pdf/1

Гэта старонка была вычытаная

Л. БЭНДЭ

НОВЫЯ МАТЭРЫЯЛЫ АБ ЯНКУ ЛУЧЫНЕ

У справе вывучэння гісторыі развіцця і росту беларускай літаратуры вялікае значэнне маюць біяграфіі паэтаў і пісьменнікаў. Для кожнага даследчыка, калі ён хоча стала вывучыць рэальныя жыццёвыя ўмовы і асяроддзе, у якіх рос, жыў і тварыў той ці іншы пісьменнік, неабходна падрабязнае знаёмства з яго біяграфіяй. А між тым гэты ўчастак бадай што найбольш запушчаны, на распрацоўку біяграфій пісьменнікаў і паэтаў недастаткова звярталася ўвагі. Дакументальны, фактычны матэрыял аб жыцці і творчасці пісьменнікаў XIX і пачатку XX вв. дагэтуль яшчэ не апублікаваны, не вывучаны.

Чытач патрабуе ад літаратурнай навукі падрабязнага, дакументальна абгрунтаванага асвятлення біяграфіі пісьменніка, ён хоча жыва ўявіць сабе канкрэтныя абставіны і ўмовы жыцця і творчасці тых пісьменнікаў, якіх ён любіць, шануе, якімі ганарыцца, як сваім нацыянальным скарбам.

У дзяржаўных архівах Ленінграда і Масквы захоўваецца нямала матэрыялаў аб многіх беларускіх пісьменніках, матэрыялаў, якія да гэтага часу не выкарыстаны як след. Апублікаванне гэтых дакументаў і матэрыялаў дало-б магчымасць запоўніць некаторыя, часамі істотныя, прабелы ў біяграфіях Дуніна-Марцынкевіча, Багушэвіча, Янкі Лучыны, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Бядулі і многіх іншых. Зразумела, такія дакументы і матэрыялы маюць вялікую навуковую каштоўнасць і трэба ўсё зрабіць, каб апублікаваць іх як толькі можна паўней і тым самым даць магчымасць літаратуразнаўцам і чытачам карыстацца імі, як аўтарытэтнай Даставернай крыніцай.

Ніжэй мы публікуем дакументы і матэрыялы аб Іване Неслухоўскім (Янку Лучыне).