Старонка:Новыя матэрыялы аб Янку Лучыне.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

Вяртаючыся ў Пецербург, Неслухоўскі не думаў больш вучыцца ва універсітэце. 14 жніўня, гэта значыць у дзень звароту з Мінска, ён падаў на імя рэктара новае прашэнне, на гэты раз аб звальненні яго з універсітэта. У сваім прашэнні Неслухоўскі пісаў: «Желая поступить в число слушателей Технологического Института, прошу покорно Ваше Превосходительство о разрешении выдачи мне моих бумаг, состоящих в Университете». У той жа дзень Неслухоўскі ўзяў назад атэстат Мінскай гімназіі, метрычную выпіску, пасведчанне аб беднасці і пасведчанне аб паходжанні. А між тым пытанне аб звальненні яго з Універсітэта канчаткова было вырашана толькі 19 жніўня. На прашэнні напісана: «19 августа 1871 года определяю Ивана Неслуховского из студентов и выдать ему его документы».

23 жніўня 1871 г. канцылярыя універсітэта падрыхтавала Неслухоўскаму пасведчанне, якое ён атрымаў толькі 1 кастрычніка. У справах захаваўся толькі чарнавік гэтага пасведчання.

Такім чынам устаноўлена, што Неслухоўскі паступіў у Пецербургскі універсітэт 31 жніўня 1870 года і зволіўся 14 жніўня 1871 года, не скончыўшы першага курса.

У час знаходжання ва універсітэце Неслухоўскі жыў спачатку на Васільеўскім востраве, па Сярэдняму праспекту, у доме № 1/10 Жукава, кв. 43. З 18 лістапада 1870 г. ён быў прапісаны па Афіцэрскай вул., дом № 7, кв. 11. На універсітэцкім пасведчанні ёсць Яшчэ адна паметка: «По Биржевой Горе, Елисеева, кв. 46».

II

Увосень 1871 года Неслухоўскі паступіў у С.-Пецербургскі Практычны Тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне вольнаслухачом. З 1872 года ён быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў інстытута. У Тэхналагічным інстытуце Неслухоўскі правучыўся да 1877 года.

Па архіўных дакументах можна прасачыць увесь ход вучобы Неслухоўскага ў Тэхналагічным інстытуце, але гэта залішне загрузіла б наш артыкул.

10 верасня 1877 года вучэбны камітэт інстытута на сваім паседжанні аформіў выпуск скончыўшых інстытут. У ліку выпушчаных і Іван Неслухоўскі, якому прысвоена ступень інжынер-тэхнолага. 14 верасня пастанову вучэбнага камітэта зацвердзіў таварыш міністра фінансаў.

Дыплом аб сканчэнні інстытута і аб прысваенні Неслухоўскаму ступені інжынер-тэхнолага не быў яшчэ гатовы ў час выпуску.

Затрымлівацца ў Пецербургу, пакуль будзе надрукаваны і падпісаны дыплом, Неслухоўскі, зразумела, не мог. Перад ад’ез-