Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/101

Гэта старонка не была вычытаная

назад і сьпяшаюся захінуць крысьсе свайго халату. Перада мною стаіць Кася.

— Дабрыдзень, — кажа яна, цяжка дыхаючы ад хады па ўсходах. — Не чакалі? — Я таксама… таксама сюды прыехала.

Яна садзіцца і гаворыць далей, заікаючыся і не пазіраючы на мяне:

— Што-ж вы ня вітаецеся? Я таксама прыехала… сягоньня… Даведалася, што вы ў гэтым готэлі, і прышла да вас.

— Вельмі рад бачыць цябе, — кажу я, паціскаючы плячыма, — але я зьдзіўлены… Ты быццам з неба звалілася. Чаго ты тут?

— Я? Так… проста ўзяла ды прыехала.

Маўчанка. Раптам яна парыўча ўстае і ідзе да мяне.

— Мікалай Сьцяпанавіч! — гаворыць яна, блажнеючы і сьціскаючы на грудзях рукі. — Мікалай Сьцяпанавіч! Я не магу болей так жыць! Не магу! Дзеля самога бога скажэце хутчэй, зараз-жа: што мне рабіць? Кажэце, што мне рабіць?

— Што-ж я магу сказаць? — дзіўлюся я. — Нічога я не магу.

— Кажэце-ж, малю вас! — ня кідае яна, задыхаючыся і ўздрыгваючы ўсім целам. — Клянуся вам, што я не магу болей так жыць! Сілы ня маю!

Яна кідаецца на крэсла і пачынае рыдаць. Яна адкінула назад галаву, ломіць рукі, тупае нагамі; капялюшык яе скінуўся з галавы і матляецца на гумцы, прычоска раскідалася.