Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/108

Гэта старонка не была вычытаная

Доктар ускочыў і, ня думаючы, што робіць, размахнуўся і з усёй сілы выцяў фэльчара ў твар. Ён не разумеў, навошта ён гэта робіць, але адчуў вялікае здавальненьне таму, што папаў кулаком якраз у твар і што чалавек сталы, самавіты, сямейны, набожны, чалавек, што ведае сабе цану, пахіснуўся, падскочыў, як мячык, і сеў на табурэтку. Яму надта захацелася выцяць яшчэ раз, але, убачыўшы наўкола ненавіднага твару зблажнелыя, устрывожаныя абліччы сядзелак, ён ужо не адчуваючы ніякага здавальненьня, махнуў рукою і выбег з палаты.

На дварэ насустрэч яму ішла ў бальніцу Надзея Язэпаўна, дзяўчына гадоў 27, з бледнавата-жоўтым тварам і з расплеценымі валасамі. Яе ружовая з паркалю спадніца была моцна сьцягнута ўнізу, і таму яе крокі былі вельмі малыя і частыя. Яна шастала спадніцаю, паціскала плячыма ў тахт кожнаму свайму кроку і ківала галавою так, бы сьпявала ў думках нешта вясёленькае.

«Ага, русалка!» падумаў доктар, прыгадаўшы, што ў бальніцы акушэрку дражняць русалкаю, і яму зрабілася прыемна ад думкі, што ён зараз спыніць гэту закаханую ў сябе франціху, што так дробна дыбае.

— Дзе гэта вы прападаеце? — крыкнуў ён, сустрэўшыся з ёю. — Чаму вы не ў бальніцы? Тэмпэратура не запісана, усюды непарадак, фэльчар п’яны, вы сьпіце да дванаццаці! Будзьце ласкавы знайсьці сабе іншую працу! Тут вы больш ня служыце…

Прышоўшы на кватэру, доктар садраў з сябе белы