Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

— Дзяцей няма!

— Хто яшчэ не запісваўся? — гукнула ў аптэцы русалка. — Падыходзьце запісвацца!

«Ён ужо таму свалата, — думаў доктар, аглядаючы бабу, — што прымусіў мяне біцца першы раз у жыцьці. Я з маленства ня біўся».

Ганна Сьпірыдонава пайшла. Пасьля яе прышоў стары з дрэннаю хваробаю, потым баба з трыма карасьлівымі дзяцьмі, і праца наладзілася. Фэльчар не паказваўся. За дзьверкамі ў аптэцы, шастаючы спадніцаю і звонячы пасудкам, весела шчабятала русалка; часта яна ўваходзіла ў прыймовы пакой, каб дапамагчы на опэрацыі ці ўзяць рэцэпты, і ўсё з гэткім выглядам, як-бы ўсё было спакойна.

«Яна рада, што я выцяў фэльчара, — думаў доктар, прыслухоўваючыся да голасу акушэркі. — Яна-ж з ім жыла, як кот з сабакам, і ёй сьвята, калі яго зволяць. І сядзелкі, здаецца, рады… Як гэта агідна!».

У самы гарачы час прыёму яму пачало здавацца, што і акушэрка, і сядзелкі, і нават хворыя знарок імкнуцца надаць сабе бязудзельны і вясёлы выгляд. Яны быццам разумелі, што яму брыдка і балюча, але з далікатнасьці рабілі выгляд, што не разумеюць. І ён, каб паказаць ім, што яму зусім ня сорам, крычаў сурова:

— Гэй, вы, там! Зачыняйце дзьверы, бо дзьме!

А яму ўжо было брыдка і цяжка. Прыняўшы сорак пяць хворых, ён не сьпяшаючыся вышаў з бальніцы.