Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

Акушэрка, ужо ўправіўшыся пабыць дома на кватэры і накінуць на плечы ярка-пунсовую хустку, з папяроскаю ў зубах і з кветкаю ў распушчаных валасох, шпарка ішла некуды з двара, напэўна, на практыку ці ў госьці. На парозе бальніцы сядзелі хворыя і моўчкі грэліся на сонейку. Шпакі, як і дагэтуль, шумелі і ганяліся за жукамі. Доктар разьзіраў па бакох і думаў, што сярод усяго гэтага роўнага, спакойнага жыцьця, як дзьве папсаваныя клявішы ў фортэп’яне, рэзка вылучаліся і нікуды ня варты былі ўсяго два жыцьці: фэльчарава і яго. Фэльчар цяпер, напэўна, лёг, каб праспацца, але ніяк ня можа заснуць ад думкі, што ён вінаваты, абражаны і страціў працу. Становішча яго пакутнае. Доктар-жа, што раней нікога ня біў, адчуваў сябе гэтак, нібы ён страціў сваю цноту. Ён ужо не вінаваціў фэльчара і не апраўдваў сябе, а толькі не разумеў: як гэта магло здарыцца, што ён, прыстойны чалавек, што ніколі ня выцяў нават сабакі, мог аплявушыць? Прышоўшы дадому на кватэру, ён лёг у габінэце на канапу, тварам да плечкаў і пачаў думаць так:

«Ён чалавек дрэнны, шкодны справе: за тры гады, што ён служыць, у мяне набралася злосьці, але патом- такі мой учынак нічым ня можа быць апраўданы. Я скарыстаў права дужага. Ён падначалены мне, вінаваты і да таго-ж п’яны, а я яго начальнік, маю рацыю і цьвярозы… Значыцца, я дужэйшы. Па-другое, я выцяў яго пры людзях, што маюць мяне за аўторытэт і гэткім чынам я даў ім агідны прыклад»…