Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

хаць!» Ад Льва Трахімавіча фэльчар паехаў у ўправу і падаў туды паклёпную заяву, дзе, не ўспамінаючы пра аплявуху і нічога ня просячы сабе, даносіў управе, што доктар ня раз у яго вочы дрэнна гаварыў пра ўправу і старшыню, што лечыць доктар ня так, як трэба, езьдзіць на вучасткі няспраўна і інш. Дазнаўшыся пра гэта, доктар засьмяяўся і падумаў: «Гэтакі дурань», і яму зрабілася брыдка і шкода, што фэльчар робіць глупства; што болей глупства робіць чалавек у сваю абарону, дык больш ён, значыцца, безабаронны і слабы.

Роўна праз тыдзень пасьля гэтай раніцы доктар атрымаў позву ад міравога судзьдзі.

— Гэта ўжо зусім бязглузда… — думаў ён, расьпісваючыся, што атрымаў. — Большую бязглузьдзіцу і здумаць нельга.

І калі ўжо ён аднэй хмурнай, ціхай раніцы ехаў да міравога, яму ўжо было ня сорамна, а крыўдна і агідна. Ён злаваў і ня сябе, і на фэльчара, і на ўсе абставіны…

«Вазьму і скажу на судзе: ідзеце вы ўсе к д’яблу! — злаваў ён. — Вы ўсе аслы і нічога вы не разумееце!»

Пад’ехаўшы да камэры міравога, ён убачыў на парозе трох сваіх сядзелак, выкліканых за сьведкі, і русалку. Убачыўшы сядзелак і жыцьцярадасную акушэрку, што ад нецярплівасьці пераступала з нагі на ногу і нават пачырванела, як угледзела галоўнага героя процэсу, злосны доктар захацеў наляцець на іх каршуном і ашаламіць: «Хто вам дазволіў ісьці з бальніцы? Будзьце ласкавы зараз-жа вярнуцца дамоў!»,