Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/122

Гэта старонка не была вычытаная

прасякнуты вайсковай грацыяй. Гаварыў ён, трохі адкінуўшы назад галаву і перасыпваючы размову сакавітым генэральскім «мнэээ…», паціскаў плячыма, а яго вочы жвава бегалі; вітаючыся ці даючы закурыць, шоргаў падэшвамі і ідучы гэтак асьцярожна і квола зьвінеў шпорамі, як-бы кожны гук шпораў рабіў яму вялікі боль. Пасадзіўшы доктара за гарбату, ён пагладзіў сябе па шырокіх грудзях і па жываце, моцна ўздыхнуў і сказаў:

— Н-так-с… Можа, часам, хочаце мнэээ… гарэлкі выпіць і закусіць? Мнэ-э?

— Не, дзякуй, я не галодны.

Абодвы адчувалі, што ім не абыйсьціся без гаворкі пра бальнічны скандал, і абодвым было ніякавата. Доктар маўчаў. Міравы грацыёзным махам рукі злавіў камара, што ўкусіў яго за грудзі, уважліва абгледзіў яго з усіх бакоў і выпусьціў, потым цяжка ўздыхнуў, узьняў вочы на доктара і павольна запытаўся:

— Паслухайце, чаму вы яго не прагоніце?

Доктар пачуў у яго голасе спачувальную нотку; яму раптам зрабілася шкода сябе, і ён адчуў утому і разьбітасьць ад ператрусак, перажытых за апошні тыдзень.

З такім выглядам, як-бы цярплівасьць яго нарэшце далася, ён устаў з-за стала і, нэрвова зморшчыўшыся, паціскаючы плячыма, сказаў:

— Прагнаць! Як вы ўсе разважаеце, дальбог… Дзіўна проста, як вы ўсе разважаеце! Ды хіба-ж я магу яго прагнаць? Вы тут сядзіцё і думаеце, што ў сваёй больніцы я гаспадар і раблю ўсё, што хачу! Дзіўна проста, як вы ўсе разважаеце! Хіба-ж я магу