Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/123

Гэта старонка не была вычытаная

прагнаць фэльчара, калі ягоная цётка служыць за няньку ў Льва Трахімавіча і калі Льву Трахімавічу патрэбны гэткія паклёпшчыкі і лёкаі, як гэты Захаравіч? Што я магу зрабіць, калі земства мае нас, дактароў, за нішто, калі яно на кожным кроку кідае нам пад ногі паленьня? Чорт іх падзяры, я не хачу служыць, от і ўсё! Не хачу!

— Ну, ну, ну… Вы, душа мая, надаіцё ўжо лішняе значэньне, так сказаць…

— Маршалак што-сілы пнецца давесьці, што ўсе мы нігілістыя, шпігуе і абыходзіцца з намі, як з сваімі пісцамі. Якое ён мае права прыяжджаць, як мяне няма, у бальніцу і дапытваць там сядзелак і хворых? Хіба гэта не абраза? А гэты наш блазан Сымон Аляксеевіч, што сам арэ і ня верыць у мэдыцыну, бо здаровы і сыты, як бугай, уголас і ў вочы заве нас дармаедамі і ўпікае кавалкам хлеба! Ды чорт яго бяры! Я працую ад цямна да цямна, адпачынку ня ведаю, я тут патрэбнейшы за ўсіх гэтых блазнаў, сьвятых, рэформатараў і ўсякіх клёвунаў. Я палажыў на працы здароўе, а мяне замест падзякі ўпікаюць за кавалак хлеба! Шчыра вам удзячны! І кожны думае, што ён мае права садзіць свой нос не ў сваю справу, вучыць, контроляваць! Гэта ваш член управы Камчацкі на земскім сходзе зрабіў дактаром вымову за тое, што ў нас расходзіцца шмат ёдзістага калія і рэкомэндаваў нам быць асьцярожнымі, ужываючы какаін! Што ён разумее, я вас пытаю? Што яму да таго? Чаму ён ня вучыць вас судзіць?