Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

Доктар пачырванеў і выбег у другі пакой.

— Вось бачыш, доктар ня хоча слухаць твайго прабачэньня! — казаў старшыня. — Ён хоча, каб ты не на словах, а на справе паказаў, што пакаяўся. Даеш слова, што ад сёнешняга дня будзеш слухаць і жыць цьвярозым жыцьцём?

— Даю… — хмурна прабасіў фэльчар.

— Глядзі-ж! Крый цябе божа! У мяне ў адзін момант паляціш з працы! Калі што здарыцца, не прасі літасьці… Ну, ідзі дамоў…

Фэльчару, што ўжо быў зьмірыўся з сваім няшчасьцем, гэткі паварот справы быў шчасьліваю неспадзяванкаю. Ён нават паблажнеў ад радасьці. Нешта ён хацеў сказаць і выцягнуў быў нават уперад руку, але нічога не сказаў, а недарэчна ўсьміхнуўся і вышаў.

— От і ўсё! — сказаў старшыня. — І суду ніякага ня трэба.

Ён лёгка уздыхнуў і з гэтакім выглядам, як толькі што зрабіў вельмі цяжкую і вялікую справу, абгледзіў самавар і шклянкі, пацёр рукі ды сказаў:

— Шчасьлівы міратворцы… Налі мне, Алеська, шкляначку. А ўрэшце, загадай спачатку даць чаго-небудзь закусіць… Ну, і гарэлачкі…

— Панове, гэта немагчыма! — адказаў доктар, уваходзячы ў сталовую, усё яшчэ чырвоны і ломячы рукі. — Гэта… Гэта коэдыя! Гэта брыдка! Я не магу! Лепш дваццаць разоў судзіцца, як разьвязваць пытаньні так водэвільна. Не, я не магу!