Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж вам трэба? — асыкнуўся на яго старшыня. — Прагнаць? Калі ласка, я праганю…

— Не, не прагнаць… Я ня ведаю, чаго мне трэба, але так, панове, ставіцца да жыцьця… ах, божа мой! Гэта пакута!

— Доктар нэрвова заварушыўся і пачаў шукаць свой капялюш і, не знайшоўшы яго, зьняможана спусьціўся на крэсла.

— Брыдка! — паўтарыў ён.

— Душа мая, — зашаптаў судзьдзя, — трохі я вас не разумею, так сказаць… Бо вы-ж вінаваты ў гэтым інцыдэнце! Марскаць па фізыономіі ў канцы дзевятнаццатага стагодзьдзя гэта, нейкім чынам, як хочаце, не тае… Ён паганец, але-е-е, згадзецеся, і вы зрабілі неасьцярожна…

— Вядома! — згадзіўся старшыня.

Падалі гарэлку і закускі. На разьвітаньне доктар машынальна выпіў чарку і закусіў радзіскаю. Калі ён зварачаўся дадому ў бальніцу, думкі яго завалакаліся туманом, як трава ў восенскую раніцу.

«Няўжо, — думаў ён, — у апошні тыдзень было так шмат прапакутавана, перадумана і сказана толькі на тое, каб усё скончылася так бязглузда і брыдка! Як недарэчна! Як недарэчна!»

Яму было сорам, што ў сваё асабовае пытаньне ён умяшаў староньніх людзей, сорам за словы, што ён казаў гэтым людзям, за гарэлку, што ён выпіў паводле прывычкі піць і жыць марна, сорам за свой някемкі, няглыбокі розум… Вярнуўшыся ў бальніцу, ён