Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

Шуміхіны звалі Ганну Тодараўну), чуць яе сьмех, шастаньне яе строяў… Гэтае жаданьне ня было падобна да таго чыстага, романтычнага каханьня, што было яму знаёма з романаў і пра якое ён марыў што-вечар, кладучыся спаць; яно было дзіўнае, незразумелае; ён сароміўся яго і баяўся, як нечага вельмі нядобрага і нячыстага, пра што цяжка прызнавацца нават сабе самому.

— Гэта не каханьне, — казаў ён сабе. — У трыццацігадовых і замужніх нельга закахацца… Гэта проста маленькая інтрыжка… Але, інтрыжка…

Думаючы пра інтрыжку, ён прыгадваў сваю непераможную нясьмеласьць, недахват вусоў, рабаціньне, вузкія вочы, уяўляў сябе поруч з Гануляю — і гэтая пара здавалася яму немагчымаю; тады сьпяшаўся ён уявіць сябе прыгожым, сьмелым, дасьціпным, апранутым паводле самага апошняга фасону…

У самы росквіт крозаў, калі ён, згорбіўшыся і пазіраючы ў зямлю, сядзеў у цёмным куточку альтанкі, пачуліся лёгкія крокі. Нехта, не сьпяшаючыся, ішоў прысадамі. Хутка крокі заціхлі, і ля ўваходу мільганула нешта белае.

— Ёсьць тут хто-небудзь? — спытаў жаночы голас.

Уладзік пазнаў гэты голас і, спалохаўшыся, падняў галаву.

— Хто тут? — пыталася Гануля, уваходзячы ў альтанку. — Ах, гэта вы, Уладзік? Што вы тут робіце? Думаеце? І як гэта можна ўсё думаць, думаць, думаць… Гатак можна звар’яцець!