Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

Уладзік выпрастаўся і зьбянтэжана паглядзеў на Ганулю. Яна толькі што вярнулася з купальні. На яе плячох віселі прасьцірадла і калматы ручнік, і з-пад белае шаўковае хусткі на галаве відаць былі мокрыя валасы, што прыліплі к ілбу. Ад яе ішоў вільготны пах купальні і міндальнага мыла. Ад шпаркае хады яна задыхалася. Верхні гузік яе кафтана быў расшпілены, так што юнак бачыў і шыю і грудзі.

— Што-ж вы маўчыцё? — спыталася Гануля, аглядаючы Ўладзіка. — Недалікатна маўчаць, калі з вамі гаворыць дама. Якая вы, аднак, нэрпа, Уладзік! Вы ўсё сядзіцё, маўчыцё, думаеце, як філёзоф, які. У вас зусім няма жыцьця і агню… Агідны вы, сапраўды… У вашы гады трэба жыць, скакаць, балабосьціць, заляцацца да жанчын, кахацца.

Уладзік глядзеў на прасьцірадла, што падтрымоўвала белая пухкая рука, і думаў…

— Маўчыць! — дзівілася Гануля. — Гэта нават дзіўна… Паслухайце, будзьце мужчынам! Ну, хоць усьміхнецеся! Фуй, агідны філёзоф! — засьмяялася яна. А ведаеце, Уладзік, чаму вы гэткая нэрпа? Таму, што не заляцаецеся да жанчын. Чаму вы не заляцаецеся? Праўда, тут дзяўчат няма, але нішто-ж вам не перашкаджае заляцацца да дам. Чаму вы, прыкладам, да мяне не заляцаецеся?

Уладзік слухаў і ў цяжкім, напружаным раздум’і чухаў сабе скронь.

— Маўчаць і любяць адзіноту толькі вельмі гардыя людзі, — гаварыла Гануля, адцягваючы яго