Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

жаночае грамады. Аднак які ў вас нядобры… злосны твар. Трэба гаварыць, сьмяяцца… Але, Уладзік, ня будзьце букаю, вы малады і ўправіцеся яшчэ нафілёзофствавацца. Ну, пусьцеце мяне, я пайду. Пусьцеце-ж!..

Яна лёгка вызваліла свой стан і, нешта напяваючы, вышла з альтанкі. Уладзік застаўся адзін. Ён прыгладзіў свае валасы, усьміхнуўся і разы тры прайшоўся ад кута да кута, потым сеў на лаўку і ўсьміхнуўся яшчэ раз. Яму было надзвычайна сорамна, так што ён нават зьдзіўляўся, што чалавечы сорам можа дасягнуць гэткай вастрыні і сілы. Ад сораму ён усьміхаўся, шаптаў нейкія словы бяз усякай сувязі і рабіў гэсты.

Яму было сорам, што з ім толькі што абыйшліся, як з хлопчыкам, сорам за сваю нясьмеласьць, а сама больш за тое, што ён адважыўся ўзяць прыстойную замужнюю жанчыну за стан, хоць ні ўзростам, ні сваймі знадворнымі якасьцямі, ні грамадзкім становішчам ён, як яму здавалася, ня меў на гэта ніякага права.

Ён ускочыў, вышаў з альтанкі і, не аглядаючыся, пайшоў у глыб саду што далей ад дому.

«Ах, хутчэй-бы зьехаць адгэтуль! — думаў ён, хаваючы сябе за галаву. — Божа, хутчэй-бы!»

Цягнік, што на ім павінен быў ехаць Уладзік з maman, адыходзіў у восем гадзін сорак хвілін. Заставалася да адыходу цягніка каля трох гадзін, але ён з прыемнасьцю пайшоу-бы на станцыю цяпер-жа, чакаючы maman.