Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/138

Гэта старонка не была вычытаная

А восьмай гадзіне ён падыходзіў да дому. Уся яго фігура выяўляла рашучасьць: што будзе, тое будзе! Ён наважыў увайсьці сьмела, глядзець проста, гаварыць моцна, не зважаючы ні на вошта.

Ён прайшоу тэрасу, вялікую салю, гасьцінны пакой і спыніўся ў ім, каб адсапнуць. Адтуль чуваць было, як у суседняй сталовай пілі гарбату. M-me Шуміхіна, maman і Гануля пра нешта гаварылі і сьмяяліся.

Уладзік прыслухаўся.

— Запэўняю вас! — гаварыла Гануля. — Я сваім вачам ня верыла! Калі ён пачаў прызнавацца мне пра каханьне і, нават, уявеце, узяў мяне за стан, я не пазнала яго. І ведаеце, у яго ёсьць манэра! Калі ён сказаў, што кахае мяне, дык у твары ў яго было нешта зьвярынае, як у чаркеса.

— Няўжо! — ахнула maman, зайшоўшыся з доўгага сьмеху. — Няўжо! Як ён нагадвае мне свайго бацьку!..

Уладзік пабег назад і выскачыў на вольнае паветра.

«І як яны могуць моцна гаварыць пра гэта! — пакутваў ён, спляснуўшы рукамі і жахліва пазіраючы на неба. — Гавораць моцна, спакойна… І maman сьмяялася… maman! Божа мой, на-што ты даў мне гэткую матку? Нашто?»

Але ісьці ў дом трэба было што-б там ні было. Ён разы тры прайшоўся ў прысадах, трохі супакоіўся і увайшоў у дом.

— Што-ж вы ня прыходзіце ў пору гарбату піць? — сурова спыталася m-me Шуміхіна.