Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

І цяпер Уладзіку зрабілася крыўдна, што там у альтанцы ў яго не ставала сьмеласьці. Яму зрабілася шкода, што ён так па-дурному ад’яжджае і ўжо ён быў упэўнены, што каб той выпадак паўтарыўся, дык ён быў-бы больш сьмелы і прасьцей глядзеў-бы на рэчы.

А выпадку паўтарыцца ня цяжка. У Шуміхіных пасьля вячэры доўга спацыруюць. Калі Ўладзік пойдзе спацыраваць з Гануляю па цёмным садзе, дык — вось і выпадак!

«Вярнуся, — думау ён, — а паеду заўтра на раняшнім цягніку… Скажу, што спазьніўся на цягнік?

І ён вярнуўся… M-me Шуміхіна, maman, Гануля і адна з пляменьніц сядзелі на тэрасе і гулялі ў вінт. Калі Ўладзік салгаў ім, што спазьніўся на цягнік, яны ўстурбаваліся, каб ён заўтра не спазьніўся на экзамін, і параілі яму ўстаць раней. Увесь час, пакуль яны гулялі ў карты, ён сядзеў збоку, ласа аглядаючы Ганулю, і чакаў… У яго галаве ўжо быў падрыхтаваны плян: ён падыйдзе папацёмку да Ганулі, возьме яе за рукі, потым абдыме; казаць нічога ня трэба, бо абаім усё будзе зразумела без размоў.

Але па вячэры дамы не пайшлі спацыраваць у сад і ўсё гулялі ў карты. Гулялі яны да гадзіны і потым разышліся спаць.

«Як гэта ўсё недарэчна! — злаваў Уладзік, кладучыся спаць. — Але дармо, пачакаю заўтрашняга дня… Заўтра зноў у альтанцы. Дармо…»