Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/141

Гэта старонка не была вычытаная

Ён не стараўся заснуць, а сядзеў у ложку, ашчарапіўшы рукамі калені, і думаў. Думка пра экзамін яму была агідна. Ён пагадзіўся ўжо з тым, што яго выключаць і знайшоў, што ў гэтым выключэньні няма нічога жахлівага. Наадварот, усё вельмі добра, нават вельмі. Заўтра ён будзе вольны, як птушка, будзе насіць цывільную вопратку, будзе курыць не хаваючыся, езьдзіць сюды і заляцацца да Ганулі, калі хоча; і ўжо ня будзе гімназыстым, а «маладым чалавекам». А іншае, што завецца кар’ераю і будучнасьцю, так проста: Уладзік астанецца дабраахвотнікам у войска, у тэлеграфістыя, нарэшце ў аптэку, дзе дойдзе да провізара… Ці мала пасад? Прайшла гадзіна-дзьве, а ён усё сядзеў ды думаў…

А трэцяй гадзіне, калі ўжо разьвіднявала, дзьверы асьцярожна рыпнулі і ў пакой увайшла maman.

— Ты ня сьпіш? — спытала яна, пазяхаючы. — Сьпі, сьпі, я на хвілінку… Я толькі вазьму каплі.

— На што вам?

— У беднае Лілі зноў курчы. Сьпі, дзіця маё, у цябе заўтра экзамін…

Яна выняла з шуфляды бутэлечку з нечым, прачытала сыгнатурку[1] і вышла!

— Марыля Лявонаўна, гэта ня тыя каплі! — пачуў праз хвіліну Ўладзік жаночы голас. — Гэта лантуш, а Ліля просіць морфіну. Ваш сын сьпіць? Папрасеце яго, каб ён знайшоў.

  1. Сыгнатурка азначае назву лякарства па частках, якія ў яго ўваходзяць.