Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

Гэта быў голас Ганулі. Уладзіку холад па целе пайшоў… Ён хутка нацягнуў нагавіцы, накінуў на плечы шынэль і пайшоў да дзьвярэй.

— Разумееце? Морфін! — тлумачыла шэпатам Гануля. — Там павінна быць напісана па-лацінску. Пабудзеце Ўладзіка, ён знойдзе…

Maman адчыніла дзьверы, і Уладзік убачыў Ганулю. Яна была ў тым самым кафтане, што і хадзіла купацца. Валасы яе былі ня прычэсаны, рассыпаны па плячах, твар заспаны, смуглявы папацёмку.

— От Уладзік ня сьпіць… — сказала яна. — Уладзік, пашукайце, даражэнькі, у шафе морфіну! Пакута з гэтаю Лілі! Заўсёды ў яе што-небудзь.

Maman нешта прамарматала і пайшла.

— Шукайце-ж, — сказала Гануля. — Чаго стаіцё?

Уладзік пайшоў да шафы, стаў на каленкі і пачаў перабіраць бутэлечкі і каробачкі з лякарствамі. Рукі ў яго калаціліся, а ў грудзях і ў жываце было гэткае адчуваньне, нібы па ўсім яго нутры бегалі халодныя хвалі. Ад паху этару, карбоўкі і ўсякай травы, за што ён бяз жаднае патрэбы хапаўся дрыжачымі рукамі і што рассыпаліся ад гэтага, яму было душна і круцілася галава.

«Здаецца, maman пайшла, — думаў ён. — Гэта добра…»

— Хутка-ж? — спыталася працяжна Гануля.

— Зараз… От гэта, здаецца, морфін… — сказаў Уладзік, прачытаўшы на аднэй сыгнатурцы слова „morph…“ Калі ласка!