Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/143

Гэта старонка не была вычытаная

Гануля стаяла ў дзьвярах так, што адна нага яе была ў калідоры, а другая ў яго пакоі. Яна папраўляла свае валасы, іх цяжка было паправіць — гэткія яны былі густыя і доўгія! — і бязуважліва глядзела на Ўладзіка. У прасторным кафтане, заспаная, з распушчанымі валасамі, пры тым бедным сьвятле, што ішло ў пакой ад белага, яшчэ не асьвечанага сонцам неба, яна здалася Ўладзіку чароўнаю і пекнаю… Зачарованы, калоцячыся ўсім целам і з асалодаю прыгадваючы тое, як ён абнімаў гэтае цудоўнае цела ў альтанцы, ён падаў ёй каплі і сказаў:

— Якая вы…

— Што?

Яна ўвайшла ў пакой.

— Што? — спытала яна, усьміхаючыся…

Ён маўчаў і глядзеў на яе, потым, як тады ў альтанцы, узяў за руку… А яна глядзела на яго, усьміхалася і чакала: што будзе далей?

— Я вас кахаю… — прашаптаў ён.

Яна кінула ўсьміхацца, падумала і сказала:

— Пачакайце, здаецца, нехта ідзе. Ох, ужо гэтыя мне гімназістыя! — гаварыла яна ўпаўголаса, ідучы да дзьвярэй і пазіраючы ў калідор. — Не, нікога ня відаць…

І яна вярнулася…

Тады Ўладзіку здалося, што пакой, Гануля, сьвітаньне і ён сам — усё зьлілося ў адно адчуваньне вострага, нязвычайнага, нябывалага шчасьця, за што можна аддаць усё жыцьцё і пайсьці на вечную пакуту,