Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/145

Гэта старонка не была вычытаная

M-me Шуміхіна і Гануля прачнуліся а першай гадзіне. Уладзік чуў, як, прачнуўшыся, m-me Шуміхіна са звонам адчыніла ў сябе акно, як на яе грубы голас адказала Гануля раскоцістым сьмехам. Ён бачыў, як адчыніліся дзьверы і з гасьціннага пакою пацягнулася на сьнеданьне чарада пляменьніц і прыхлябалак (у ліку апошніх была maman), як замільгаў памыты, вясёлы твар Ганулі, а побач з яе тварам чорныя бровы і барада архітэктара — ён толькі што прыехаў.

Гануля была ў украінскім гарнітуры, што зусім ня ішоў ёй і рабіў яе нязграбнаю; архітэктар жартаваў брыдка і недарэчна; у катлетах, што падавалі на сьнеданьне, было замнога цыбулі — так здавалася Ўладзіку. Яму таксама здавалася, што Гануля знарок голасна рагатала і паглядала ў ягоны бок, каб гэтым даць зразумець яму, што ўспаміны пра ноч ані ня турбуюць яе і што яна не заўважае прысутнасьці за сталом гідкага качараняці.

А чацьвертай гадзіне Ўладзік ехаў з maman на станцыю. Дрэнныя ўспаміны, бяссонная ноч, у наступным выключэньне з гімназіі, мукі сумленьня — усё гэта збуджала ў ім цяпер цяжкую, панурую злосьць. Ён глядзеў на худы профіль maman, на яе маленькі носік, на ватэрпруф[1], што дала ёй у падарунак Гануля, і марматаў:

— Навошта вы пудрыцеся? Гэта няпрыстойна ў вашыя гады! Вы наводзіце на сябе прыгожасьць, ня пло-

  1. Ватэрпруф — верхняя вопратка, паліто.