Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/146

Гэта старонка не была вычытаная

ціце пройгрышаў, курыце чужую табаку… агідна! Я вас не кахаю… не кахаю!..

Ён абражаў яе, а яна спалохана паводзіла сваймі вочкамі, пляскала ручкамі і шаптала з жахам:

— Што ты, мой дружа? Божа мой, фурман пачуе! Замаўчы, бо фурман пачуе! Яму ўсё чуваць!

— Не кахаю… не кахаю! — працягваў ён, задыхаючыся. — Вы распусная, бяздушная… Не насіце гэтага ватэрпруфа! Чуеце? А не, дык я парву яго на кавалкі…

— Апомніся, дзіця маё! — заплакала maman. — Фурман пачуе!

— А дзе маемасьць майго бацькі? А дзе вашы грошы? Вы ўсё распасорылі! Мне ня сорам сваёй бядноты, але сорам, што ў мяне такая матка… Калі мае таварышы пытаюцца пра вас, я заўсёды чырванею.

На цягніку давялося ехаць да гораду дзьве станцыі. Увесь час Уладзік стаяў на пляцоўцы і дрыжаў усім целам. Яму не хацелася ўваходзіць у вагон, таму што там сядзела матка, якую ён ненавідзеў. Ненавідзеў ён самога сябе, кандуктароў, дым ад цягніка, холад, якім тлумачыў свае дрыжыкі… І чым цяжэй рабілася ў яго на душы, тым мацней ён адчуваў, што недзе на гэтым сьвеце, у нейкіх людзей ёсьць жыцьцё, чыстае, шляхетнае, цёплае, прыгожае, поўнае каханьня, пяшчоты, весялосьці, прывольля… Ён адчуваў гэта і сумаваў так моцна, што нават адзін пасажыр, уважліва паглядзеўшы яму ў твар, спытаўся:

— Напэўна ў вас зубы баляць?