Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/147

Гэта старонка не была вычытаная

У горадзе maman і Ўладзік жылі ў Марылі Пятроўны, дамы-дваранкі, што наймала вялікую кватэру і ад сябе здавала яе кватарантам. Maman наймала два пакоі: у адным, з вокнамі, дзе стаяў яе ложак і віселі на сьценах дзьве карціны ў залатых рамах, жыла яна, а ў другім, побач, маленькім і цёмным, жыў Уладзік. Тут стаяла канапа, дзе ён спаў, і апрача гэтае канапы ня было ніякае іншае мэблі; увесь пакой быў заняты плеценымі кошыкамі з вопраткаю, каробкамі ад капялюшоў і розным сьмецьццем, што на невашта хавала maman. Лекцыі рыхтаваў Уладзік у матчыным пакоі ці ў «агульным», так называўся вялікі пакой, куды ўсе кватаранты сыходзіліся ў часе полудню і па вечарох.

Вярнуўшыся дахаты, ён лёг на канапу і накрыўся коўдраю, каб суняць дрыжыкі. Каробкі ад капялюшоў, пляцёнкі і сьмецьце напомнілі яму, што ў яго няма свайго пакою, няма прытулка, дзе-б ён мог схавацца ад maman, ад яе гасьцей і ад галасоў з «агульнага», што чуваць былі тут; ранец і кнігі, раскіданыя па куткох, напомнілі яму пра экзамін, дзе ён ня быў… Чамусьці зусім недарэчы ўбілася ў галаву Мэнтона[1], дзе ён жыў са сваім нябожчыкам-бацькам, калі меў сем год, успомніўся яму Біарыц[2] і дзьве дзяўчынкі-ангелькі, з якімі ён бегаў па пяску… Захацелася аднавіць у памяці колер неба і акіяну, вышыню хваль і свой тагачасны настрой, але гэта не ўдалося яму; дзяўчынкі-ангелькі мільганулі перад ім, як жывыя, усё-ж іншае зьмяшалася, расплылося.

  1. Мэнтона — горад у Францыі.
  2. Біарыц — таксама.