Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/149

Гэта старонка не была вычытаная

ўсё-ж ён адчуваў, што яна хлусіць, хлусьня адчувалася ў яе манэры гаварыць, у выглядзе твару, ува ўсім.

— Вы хлусіце! — паўтарыў Уладзік і стукнуў кулаком аб стол з такою сілаю, што задрыжалі ўсе шклянкі і ў maman разьлілася гарбата. — Навошта вы апавядаеце пра генэралаў і баронэс? Усё гэта хлусьня!

Настаўніца музыкі зьбянтэжылася і пачала кашляць у хустку, з такім выглядам, нібы папырхнулася, а maman заплакала.

«Куды пайсьці?» — падумаў Уладзік.

На вуліцы ён ужо быў; да таварышоў ісьці сорамна. Вельмі недарэчы згадаліся яму дзьве дзяўчынкі-ангелькі… Ён прайшоўся з кута ў кут па «агульным» і ўвайшоў у пакой Аўгусьціна Міхайлавіча. Тут моцна пахла этарным маслам і гліцэрынавым мылам. На стале, на вокнах і нават на зэдліках стаяла шмат бутэлечак, шкляначак і чарачак з рознаколернымі вадкасьцямі. Уладзік узяў са стала газэту, разгарнуў яе і прачытаў назву «Фігаро»… Ад газэты ішоў нейкі моцны прыемны пах. Потым ён узяў са стала рэвольвэр…

— Кіньце, не ўважайце! — супакойвала ў суседнім пакоі настаўніца музыкі maman. — Ён яшчэ зусім малады! У яго гадох маладыя людзі заўсёды дазваляюць сабе залішняе. З гэтым трэба пагаджацца.

— Не, Аўгіньня Андрэеўна, ён занадта раздураны! — пявучым голасам гаварыла maman. — Над ім няма старэйшага, а я слабая і нічога не магу зрабіць! Не, я няшчасная!

Уладзік улажыў рулю рэвольвэра ў рот, абмацаў