Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/151

Гэта старонка не была вычытаная

КНЯГІНЯ

У вялікую, так званую, «Чырвоную» браму N-скага мужчынскага кляштару ўехала брычка, запрэжаная чацьвёркаю сытых, прыгожых коняй; іераманахі і служкі, што згуртаваўшыся стаялі каля дваранскае паловы гасьціннага корпусу, яшчэ здалёк па фурману і па конях пазналі ў даме, што сядзела ў брычцы, сваю добрую знаёмую, княгіню Веру Гаўрылаўну. Стары лёкай у ліўрэі скокнуў з перадка і дапамог княгіні выйсьці з брычкі. Яна падняла цёмны вэлюм і не сьпяшаючыся падыйшла да ўсіх іераманахаў на бласлаўленьне, потым ласкава кіўнула служкам і пайшла да пакояў.

— Што, занудзіліся без свае княгіні? — гаварыла яна манахам, што ўносілі яе рэчы. — Я ў вас цэлы месяц ня была. Ну от прыехала, глядзеце на сваю княгіню. А дзе айцец архімандрыт?[1] Божа мой, я памру ад нецярплівасьці! Слаўны, слаўны стары! Вы павінны ганарыцца, што ў вас гэткі архімандрыт.

Калі ўвайшоў архімандрыт, княгіня ў захапленьні ўскрыкнула, злажыла на грудзёх рукі і падышла да яго на бласлаўленьне.

  1. Начальнік кляштару.