Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

— Не, не! Дайце мне пацалаваць! — сказала яна, хапаючы яго за руку і прагавіта цалуючы яе тры разы. — Як я рада, сьвяты айцец, што нарэшце бачу вас! Вы, мусіць, забыліся пра сваю княгіню, а я кожную хвіліну думкамі жыла ў вашым любым кляштары. Як у вас тут добра! У гэтым жыцьці для бога, воддаль ад тлумнага сьвету, ёсьць нейкая асаблівая прыгожасьць, сьвяты айцец, якую я адчуваю ўсёю душою, але перадаць словамі не магу.

У княгіні пачырванелі шчокі і ў вачох сталі сьлёзы. Гаварыла яна бесьперапынна, палка, а архімандрыт, стары, гадоў 70, сур’ёзны, няпрыгожы і сарамяжлівы, маўчаў, толькі зрэдзь часу адказваў каротка і па-вайсковаму:

— Так точна, ваша яснавяльможнасьць… Слухаю-с… Разумею-с.

— Доўга будзеце ласкавы прабыць у нас?

— Сёньня я пераначую ў вас, а заўтра паеду да Клаўдзі Мікалаеўны — даўно ўжо мы з ёю ня бачыліся, а пасьлязаўтра зноў да вас і пажыву дні тры- чатыры. Хачу ў вас адпачыць душою, сьвяты айцец…

Княгіня любіла гасьціць у N-скім кляштары. За апошнія два гады яна агледзіла гэтае месца і прыяжджала сюды амаль кожны летні месяц і жыла дні са два, тры, а часамі і цэлы тыдзень. Нясьмелыя служкі, цішыня, нізкая столь, пах кіпарысу, небагатая закуска, танныя фіранкі на вокнах — усё гэта кранала яе, расчульвала і рабіла здатнай да сузіраньня і добрых думак. Досыць ёй было пабыць у пакоях паўгадзіны, як ёй пачынала здавацца, што яна таксама нясьмелая і