Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/156

Гэта старонка не была вычытаная

«Што-б яшчэ гэтае сказаць яму? — падумала княгіня.

— Як даўно такі мы з вам ня бачыліся! — сказала яна. — Пяць гадоў! За гэты час колькі вады ў мора сплыло, колькі нарабілася зьмен, нават падумаць страшна! Вы ведаеце, я замуж вышла… З графіні зрабілася княгіняю. І ўжо ўправілася ўзяць разлуку з мужам.

— Так, я чуў.

— Шмат бог даў мне гора зазнаць! Вы, мусіць, таксама чулі, я зусім зьбяднела. За даўгі майго няшчаснага мужа прадалі ў мяне Дубаўкі, і Кір’якова, і Софіна. Засталіся ў мяне адны Баранава ды Міхальцова. Страх бярэ, як азірнешся назад: колькі зьмен, няшчасьцяў розных, колькі памылак!

— Але-ж, княгіня, шмат памылак.

Княгіня крыху здэтанавалася. Яна ведала свае памылкі: усе яны былі да таго інтымныя, што ўсяго адна яна магла думаць і гаварыць пра іх. Яна ня ўтрымалася і спытала:

— Вы пра якія памылкі думаеце?

— Вы згадалі пра іх, значыцца ведаеце… — адказаў доктар і ўсьміхнуўся. — Што-ж пра іх гаварыць!

— Не, скажэце, доктар. Я буду вам вельмі ўдзячнай! І, калі ласка, не цырымоньцеся са мною. Я люблю слухаць праўду.

— Я вам ня судзьдзя, княгіня.

— Ня судзьдзя! Якім вы тонам гаворыце, значыцца, ведаеце нешта. Скажэце!