Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

і ўяўляеце, што кляштар мае гэта за вялікі гонар для сябе! Як-жа іначай! Вы папытайцеся от, паміж іншым, колькі каштуюць манахам вашы візыты. Вы былі ласкавы прыехаць сюды сёньня ўвечары, а заўчора ўжо тут быў коньнік, высланы з аканоміі папярэдзіць, што вы сюды зьбіраецеся. Увесь дзень учора рыхтавалі вам пакоі і чакалі. Сягоньня прыехаў авангард — нахабная пакаёўка, што ўвесь час бегае праз двор, шастае, чапляецца з пытаньнямі, дае загады… Трываць не магу! Сёньня манахі ўвесь дзень былі напагатове, бо калі-ж вас ня сустрэнуць з цырымоніяй — бяда! Архірэю паскардзіцеся. «Мяне, ваша правялебнасьць, манахі ня любяць. Ня ведаю, чым я іх угнявіла. Праўда, я вялікая грэшніца, але-ж я гэтакая няшчасная!» Ужо аднаму кляштару быў праз вас наганяй. Архімандрыт заняты, вучоны чалавек, у яго і хвіліны няма вольнае, а вы ўвесь час патрабуеце яго да сябе ў пакоі. Ніякае павагі ні да старасьці, ні да годнасьці. Хай сабе ахвяроўвалі-б шмат, ня гэтак ужо крыўдна было-б, але-ж за ўвесь час манахі ад вас і ста рублёў не атрымалі.

Калі княгіню турбавалі, не разумелі, крыўдзілі, і калі яна ня ведала, што ёй гаварыць і рабіць, дык звычайна пачынала плакаць і цяпер, урэшце, яна схавала твар і заплакала тонкім, дзіцячым галаском. Доктар раптам сьціх і паглядзеў на яе. Твар яго пацямнеў і зрабіўся суровым.

— Даруйце мне, княгіня, — сказаў ён глуха. — Я паддаўся злоснаму пачуцьцю і забыўся. Гэта нядобра.