Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

шмат дабра зрабіла, здрадзяць ёй і пачнуць грубіяніць, як усе людзі, колькі іх ёсьць на зямлі, будуць нападаць на яе, пляткарыць, сьмяяцца, яна адмовіцца ад свае княскае годнасьці, ад раскошы і грамады, пойдзе ў кляштар, і ніколі ніводным словам ня ўпікне; яна будзе маліцца за ворагаў сваіх, і тады ўсе раптам зразумеюць яе, прыдуць да яе прасіць прабачэньня, але ўжо будзе позна.

А пасьля вячэры яна стала ў кутку перад абразом на каленкі і прачытала два разьдзелы з эвангельля. Потым пакаёўка паслала ёй ложак, і яна лягла спаць. Пацягваючыся пад белаю коўдраю, яна соладка і глыбока ўздыхнула, як уздыхаюць паплакаўшы, заплюшчыла вочы і стала засынаць…

Раніцаю яна прачнулася і зірнула на свой гадзіньнічак: была палавіна на дзевятую. На дыване каля ложка цягнулася вузкая яскравая паласа сьвятла ад променя, што ішоў з вакна і крыху асьвятляў пакой. За чорнаю фіранкаю на вакне шумелі мухі.

— Рана! — падумала княгіня і заплюшчыла вочы.

Пацягваючыся, песьцячыся ў ложку, яна прыгадала ўчарашняе спатканьне з доктарам і ўсе тыя думкі, з чым учора заснула; прыгадала, што яна няшчасная. Потым прыгадаўся ёй яе муж, што жыве ў Пецярбурзе, кіраўнікі, дактары, суседзі, знаёмыя чыноўнікі… Доўгі шэраг знаёмых мужчынскіх абліччаў прамільгнуў у яе выабражэньні. Яна ўсьміхнулася і падумала, што каб гэтым людзям было даступна да яе душы і яны змаглі зразумець яе, дык усе яны былі-б ля яе