Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/167

Гэта старонка не была вычытаная

Была чвэртка на дванаццатую, як яна паклікала пакаёўку.

— Давайце, Адарка, адзявацца, — сказала яна млосна. — Але спачатку ідзеце скажэце, каб запраглі коні. Трэба да Клаўдзі Мікалаеўны ехаць.

Вышаўшы з пакояў, каб сесьці на брычку, яна прыжмурылася ад яскравага дзённага сьвятла і засьмяялася ад здавальненьня: дзень быў надзвычайна добры! Аглядаючы прыжмуранымі вачыма манахаў, што сабраліся ля ганку праводзіць яе, яна ветліва заківала галавою і сказала:

— Бывайце, мае сябры! Да пасьлязаўтрага!

Яе прыемна зьдзівіла, што разам з манахамі каля ганку быў і доктар. Твар яго быў зблажалы і суровы.

— Княгіня, — сказаў ён, здымаючы капялюш і вінавата ўсьміхаючыся, — я ўжо даўно чакаю вас тут. Даруйце, калі ласка… Нядобрае пачуцьцё помсты захапіла мяне ўчора і я нагаварыў вам… глупства. Адным словам, я прашу прабачэньня…

Княгіня ветліва ўсьміхнулася і падала да яго губ руку. Ён пацалаваў і пачырванеў.

Хочучы быць падобнай на птушку, княгіня скаканула ў брычку і заківала галавою ўва ўсе бакі. На душы ў яе было весела, сьветла і цёпла, і сама яна адчувала, што яе ўсьмешка нязвычайна ласкавая і мяккая. Калі брычка пад’ехала да брамы, потым па пыльнай дарозе каля хат і садоў, каля доўгіх чумацкіх абозаў і багамолаў, што ішлі чарадою ў кляштар, яна ўсё яшчэ жмурылася мякка і ўсміхалася, яна думала пра тое, што няма вышэйшай асалоды, як усюды пры-