Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/170

Гэта старонка не была вычытаная

— Бачыш, цяжкая справа! — усьміхнуўся Аўдзееў. — Падпісваў. Насілі мне ў краму справаздачу, ну і падпісваў. Хіба я разумею? Мне што ні дай, я на ўсім расьпішуся. Напішы ты цяпер, што я чалавека зарэзаў, дык я і гэта падпішу. Не пара мне разьбіраць, ды і ня бачу без акуляраў.

Пагаварыўшы пра банкруцтва банку і пра лёс Пятро Сымонавіча, Аўдзееў і яго сябры пайшлі на пірог да знаёмага, а ў таго гэнага дня была імяніньніца жонка. На імянінах усе госьці гаварылі толькі пра банкроцтва банку. Аўдзееў гарачыўся больш за ўсіх і запэўніваў, што ён даўно ўжо пачуваў гэта банкроцтва і яшчэ гады два як ведаў, што ў банку ня зусім чыста. Пакуль елі пірог, ён расказваў пра дзесятак супроцьзаконных опэрацый, што яму былі вядомы.

— Калі вы ведалі, дык чаму-ж вы не данесьлі? — спытаў яго афіцэр, што быў на імянінах.

— Ня я адзін, увесь горад ведаў… — усьміхнуўся Аўдзееў. — Дый няма часу па судох хадзіць. Ну іх!..

Адпачыўшы пасьля пірага, ён папалуднаваў і яшчэ раз адпачыў, потым выбраўся на ўсяночную ў сваю царкву, дзе быў за старасту; пасьля ўсяночнае зноў пайшоў на імяніны і да самае поўначы гуляў у прэфэранс. Відаць, усё было спакойна.

Калі-ж пасьля поўначы Аўдзееў вярнуўся дадому, кухарка, што адчыняла яму дзьверы, была блядая, уся калацілася і не магла вымавіць ніводнага слова. Яго жонка, Альжбэта Цімохаўна, выкармленая, старая, з распушчанымі сівымі валасамі, сядзела ў залі на канапе, калацілася ўсім целам і, як п’яная, бяз сэнсу