Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/171

Гэта старонка не была вычытаная

вадзіла вачыма. Каля яе з шклянкаю вады мітусіўся гэтак сама бляды і надта ўхваляваны старэйшы сын яе, гімназісты Васіль.

— Што гэта? — спытаўся Аўдзееў і злосна скасіўся на печ. (Яго сям’я часта пакутвала ад чаду).

— Толькі што сьледчы з паліцыяй прыходзіў… — адказаў Васіль. — Вобыск рабілі.

Аўдзееў паглядзеў наўкола сябе. Шафы, камоды, сталы — па ўсім знаць было, што рабілі вобыск. Хвіліну Аўдзееў пастаяў нярухома, як аслупянелы, нічога не разумеючы, потым усё ў яго ў сярэдзіне закалацілася і зрабілася цяжкое, левая нага сшэрхла і ён, ня вытрываўшы ад дрыжыкаў, лёг ніц на канапу; яму чуваць было, як пераварочвалася яго нутро і як непаслухмяная левая нага стукала па сьпінцы канапы.

За якія дзьве-тры хвіліны ён прыгадаў усё сваё мінулае, але не знайшоў ніводнай гэтакай віны, што-б варта было ўвагі судовае ўлады.

— Усё гэта адно глупства… — сказаў ён, устаючы. — Гэта, мабыць, на мяне паклёп узлажылі. Трэба будзе заўтра скаргу падаць, каб яны не адважыліся гэта самае…

На другі дзень раніцою, пасьля бяссоннай ночы, Аўдзееў, як заўсёды, пайшоў у сваю краму. Пакупцы паведамілі яго, што ў тую ноч прокурор адаслаў у вастрог яшчэ таварыша дырэктара і справавода банку. Гэта вестка не турбавала Аўдзеева. Ён быў пэўны, што на яго ўзлажылі паклёп і што калі ён сёньня падасьць скаргу, дык сьледчаму пападзе за ўчарашні вобыск.