Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/172

Гэта старонка не была вычытаная

А дзесятай гадзіне ён пабег да сакратара ўправы, што быў адзіным адукаваным чалавекам ува ўсёй управе.

— Уладзімер Сьцяпанавіч, што-ж гэта за фасон? — пачаў ён, нагнуўшыся да вуха сакратара. — Людзі кралі, а я-ж тут прычым? З якое рацыі? Любы чалавек, — зашаптаў ён, — уночы-ж у мяне вобыск быў! Дальбог. — Пашалелі яны, ці што? За што мяне чапаць?

— А за тое, што ня трэба быць бараном, — спакойна адказаў сакратар. — Перш чым падпісваць, трэба было глядзець…

— Што глядзець? Ды глядзеў-бы я ў гэтыя справаздачы хоць тысячу гадоў, я ўсё адно нічога не зразумею! Чорта лысага я зразумею! Які я бухгальтар? Мне насілі, я і падпісваў.

— Дазвольце. Акрамя гэтага, вы, як і ўся ваша камісія, дужа скомпромэтаваны. Вы бяз жаднага забясьпечаньня ўзялі з банку 19 тысяч.

— Божа твая воля! — дзівіўся Аўдзееў. — Хіба я адзін вінен? Увесь-жа горад вінен. Я плачу процанты і аддам пазыку. А крамя таго, калі, скажам, шчыра казаць, хіба я сам узяў гэтыя грошы? Мне Пятро Сымонавіч уткнуў. Бяры кажа, бяры. Калі, кажа, не бярэш, дык значыцца нам не давяраеш і збоку трымаешся. Ты, кажа, бяры, бацьку млын пастаў. Я і ўзяў.

— Ну, от бачыце: так могуць меркаваць адны бараны. Ва ўсякім разе, сэньор, вы дарэмна хвалюецеся. Бяз суду вам, вядома, не абыйсьціся, але напэўна вас апраўдаюць.