Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

Праз пяць дзён усіх абвінавачаных зноў павялі ў суд выслухаць прыгавар. Аўдзееў дазнаўся, што яго прысудзілі выслаць у Табольскую губерню. І гэта не спалохала яго і ня зьдзівіла. Яму чамусьці здавалася, што суд яшчэ ня скончыўся, што цеганіна ўсё яшчэ цягнецца і што сапраўднага «вырашэньня» яшчэ ня было… Жыў ён у вастрозе і штодня чакаў гэтага вырашэньня.

Толькі паўгода пачакаўшы, калі прышлі да яго разьвітвацца жонка і сын Васіль, калі ён у худой, як жабрачка адзетай бабулі ледзь пазнаў сваю некалі сырую і сталую Альжбэту Трахімаўну, і калі замест гімназычнае вопраткі ўбачыў на сыне кароткую пацёртую жакетачку і паркалёвыя штаны, ён зразумеў, што лёс яго ўжо вырашаны і што, якое-б яшчэ ні было новае «вырашэньне», яму ўжо не вярнуць свайго мінулага. І ён упяршыню за ўвесь час суду і вастрогу сагнаў з свайго твару злосны выгляд і горка заплакаў.