Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/25

Гэта старонка не была вычытаная

ці, што былі тады, як адбывалася тая падзея. Гэтак памятаць можа ўсяго той, хто любіць.

Ён вартаўнік унівэрсытэцкіх паданьняў. Ад сваіх папяраднікаў-швайцараў яму прышлося ў спадчыну шмат легенд з унівэрсытэцкага жыцьця, дадаў да гэтага багацьця шмат свайго дабра, што набыта за час службы, і калі хочаце, дык ён раскажа вам шмат доўгіх і кароткіх гісторый. Ён можа расказаць пра нязвычайных мудрацоў, што ведалі ўсё, пра выдатных рабацяг, што ня спалі па тыдню, пра шматлікіх мучальнікаў і ахвяраў навукі; добрае ў яго мае перамогу над благім, слабы ўсякі раз перамагае дужага, мудры неразумнага, сьціплы гордага, малады старога… Няма патрэбы лічыць усе гэтыя легенды і байкі за чыстую праўду, але працадзеце іх, і ў вас на цадзілцы застанецца тое, што трэба: нашы добрыя традыцыі і імёны сапраўдных герояў, прызнаных усімі.

У нашым грамадзтве ўсяго і вестак пра сьвет вучоных, што анэкдотамі пра нязвычайную бязуважлівасьць старых профэсароў і два-тры жарты, што прыпісваюцца то Грубэру[1], то мне, то Бабухіну[2]. Адукаванаму колу людзей гэтага мала. Калі-б яно любіла навуку, вучоных і студэнтаў так, як Мікалай, дык яго літаратура даўно-б мела цэлыя эпопеі[3], апавяданьні і жыцьцяпісы, чаго, нажаль, яно ня мае цяпер.

  1. Грубэр В. Л. (1814–1890) — вядомы вучоны ў галіне анатоміі.
  2. Бабухін А. І. (1835–1891) — вядомы вучоны ў галіне біолёгіі.
  3. Эпопея — вялікае апавяданьне.