Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

Мікалаю лішнія пытаньні, злую… Падобна да таго, як-бы я палохаюся, але гэта не палахлівасьць, а нешта іншае, чаго я не магу ні назваць, ні апісаць.

Бяз усякай патрэбы я гляджу на гадзіньнік і кажу:

— Што-ж? Трэба ісьці.

І мы ідзем у такім парадку: паперадзе ідзе Мікалай з прэпаратамі, або з атлясамі, за ім я, а за мною сьціпла схіліўшы галаву, крочыць вазюрскі конь; або, калі трэба, наперадзе на насілках нясуць труп, за трупам ідзе Мікалай і г. д. Як я ўваходжу, студэнты ўстаюць, потым садзяцца, і шум мора раптам сьціхае. Надыходзіць зацішша.

Я ведаю, пра што я буду чытаць, але ня ведаю, як буду чытаць, з чаго пачну і чым скончу. У галаве няма ніводнай гатовай фразы. Але варта мне толькі паглядзець на аўдыторыю (яна зроблена ў мяне амфітэатрам[1]) і сказаць стэрэатыпнае «у мінулай лекцыі мы спыніліся на…», як фразы доўгай чарадою вылятваюць з маёй душы і — пашла пісаць губэрня! Гавару я нястрымана шпарка, палка і, здаецца, няма тэй сілы, што здолела-б перапыніць плынь маёй прамовы. Каб чытаць добра, т. ё. ня нудна і з карысьцю для слухачоў, трэба, акрамя таленту, мець яшчэ звычку і практыку, трэба ўладаць самым выразным уяўленьнем пра свае сілы, пра тых, каму чытаеш, і пра тое, што складае прадмет тваёй прамовы. Апрача таго, трэба быць чалавекам уважным, пільна сачыць і ні на адну сэкунду ня губляць круг агляду.

  1. Амфітэатр — шэраг лавак, што паступова ўзвышаецца.